ЭКСКУРСІЯ «У хаце гаспадара»

ЭКСКУРСІЯ   «У хаце гаспадара»

 1 экскурсавод

         Сёння вас запрашае да сабе ў госці сялянская хата.  Прыветна вокны пазіраюць, нібыта ў госці запрашаюць. Ну, добры выгляд хата мае. Цікава... Што ж нас тут чакае?        

2 экскурсавод

          Усё ў хаце беларусаў мела сімвалічнае значэнне. Нават парог — месца незвычайнае, з ім звязана мноства народных звычаяў, абрадаў і прыкмет. Можа, хто-небудзь з вас ведае прыкметы пра парог? Парог лічыўся ў народзе месцам, дзе жывуць душы продкаў, якія могуць уплываць на людзей, на іх здароўе, багацце, узаемаадносіны з іншымі людзьмі. З гэтым звязаны розныя звычаі, якія дайшлі да нас з даўніх часоў. Найбольш вядомыя з іх — сядзенне перад парогам напярэдадні паездкі, падарожжа. Кажуць: “Прысядзем на дарожку”. Гэта сімвалізавала далучэнне да свету продкаў, якія быццам дапамагалі ў дарозе”.

  • экскурсавод

           Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займала ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце». Печ і падпечак — месца знаходжання добрага духа, дамавіка, галоўны абавязак і клопат якога — сачыць за тым, каб сям’я добра жыла. А вось які цікавы звычай, звязаны з печчу, дайшоў да нашага часу. У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыём сімвалічнага “запякання” ў печы слабых, вельмі хворых дзяцей. Дзіця закутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у печы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога “запякання” дзіця набывае здароўе і сілу”.

1 экскурсавод

           Каля печы знаходзіўся качарэжнік. Тут стаяў пячны інвентар: качарга, вілы, чапяла і абавязкова хлебная лапата. (Паказваем інвентар).  Лапата займала асобнае месца сярод хатніх рэчаў. Магчыма таму, што яна мела дачыненне да хлеба. Ёй надавалі ахоўныя якасці: у час навальніцы, каб зберагчы свае будынкі ад маланкі, хлебную лапату выстаўлялі на двор. Насупраць печы, каля ўвахода, размяшчаецца гаспадарчы кут (“бабін кут”). Там стаіць кадушка для вады, драўляныя вёдры, даёнкі, апялушкі, сальніца, маслабойка — адным словам, усё тое, што трэба было жанчыне ў гаспадарцы.

  • экскурсавод

        Ёсць у вясковай хаце месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць  –  так называецца гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам. (Падыходзіць, усё паказвае).    Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар,  а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы-як, уперамешку, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў, прадзедаў, частаваліся.

        Покуць - гэта   куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы – з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё  людзей у гэтай хаце. Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі-набожнікі.  На покуці — засланы абрусам стол, які лічыўся амаль свяшчэнным, бо думалі, што праз стол у чырвоным куце наладжваецца сувязь з Богам, з небам. Святасць вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі і ставілі самае дарагое — хлеб, свянцоныя свечкі, святую ваду. “На стол нельга было класці шапку, грэбень, ключы ці сумку, не трымалі на стале нож. На стол не пускалі кошку, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль”.

3 экскурсавод

      Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў. ( Падыходзіць і паказвае).  Гэта дзяжа. Няцяжка здагадацца, чаму гэтую рэч называлі хлебніцаю. У ёй заквашвалі цеста, з якога пяклі духмяны хлеб. Цеста ў дзяжы варушылася, расло, як жывое. Прасілася ў печ. Дзяжу ў вёсцы шанавалі. Пры  ўваходзінах яе першай уносілі ў хату, каб не зводзіўся хлеб на стале.

      А вось перад вамі бойка. (Падыходзіць і паказвае) Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану – густы, тлусты слой. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, знізу-ўверх. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплаю бульбаю.

  • экскурсавод

       Прыгадваецца казка пра дзвюх жабак, якія трапілі ў пастку – збанок са смятанаю. Адна жабка адразу выдыхнулася, здалася і патанула ў смятане. А другая, упартая, доўга працавала лапкамі, як калатоўкаю, і збіла са смятаны масла. Стала на грудку масла і выскачыла са збанка на волю. Казка цікавая і павучальная: ніколі не падайце духам, сябры, верце ў свае сілы – і зможаце выбрацца з любой пасткі.

  • экскурсавод

       Звярніце, калі ласка, увагу на глiняны посуд. Ён i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале. А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.

        Гэта – збанок (падыходзіць і паказвае).  Пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Мае ручку i носiк-дзюбку, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.

         Гарлач (падыходзіць і паказвае) старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкi i не мае носiка-дзюбкi зверху.

3 экскурсавод

          У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi. (Падыходзіць і паказвае) У кашах з плеценымі вечкамі захоўвалі сушаныя каўбасы, паляндвіцы, кумпякі.

          У кожнай сялянскай хаце можна было ўбачыць зручны абутак, плецены з лыка, лазовай кары, бяросты. Лыка дралi найчасцей з маладой лiпы, сушылi ў клецi або на гарышчы хаты. Потым палоскi кары, каб яны не ламалiся, размочвалi ў цёплай вадзе. I плялi лапцi. (Падыходзіць і паказвае) Плялi лапцi звычайна мужчыны. Сярод iх былi сапраўдныя майстры: сплеценыя iмi лапцi, лёгкiя i зграбныя, прыгожа глядзелiся на любой назе. У iх добра было i на працы, i ў танцы.

      1 экскурсавод

       З лазы плялі і вярэнькі. Імі карысталіся, калі трэба было несці на поле ежу, пасвіць кароў, касіць. Вось сявенькі, сплеценыя з пруцікаў лазы. З іх сеялі збожжа.Тут і цапы, якімі малацілі зерне. А гэта начоўкі, ў якіх гаспадыні пралі бялізну і купалі дзяцей.

          Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. У гэтай экспазіцыі размешчаны прылады і прыстасаванні, якія ўжываліся ў працэсе апрацоўкі льну. Лён трапалі, часалі, пралі, звівалі і сукалі ніткі, снавалі кросны, наладжвалі і ткалі. Прылады для апрацоўкі льну: трапачка, грабяні, пралка (потэсь), сукала, матавіла. У падоўжняй сцяне хаты па вуглах убівалі калочкі і з дапамогай спецыяльнай  ручкі снавалі кросны. Потым наснаванае пераносілі на станок, ладзілі кросны і ткалі. Палатно ткалі рознае:  грубае радно, для мяхоў,  тонкае для бялізны

Вы бачыце таксама некаторыя прылады для ткацтва, у прыватнасці, прасніцу, на якой жанчыны пралі кудзелю. (Падыходзіць і паказвае) Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі, а правай  круціць верацяно, навіваючы  на яго нітку. Потым іх маталі ў клубкі, затым сукалі. Зімою ўсе жанчыны ткалі кросны.

2 экскурсавод

          На пачатку 20 стагоддзя інтэр’ер хаты паступова набываў новы рысы. Адышлі ў нябыт пол і палаці, а на змену ім прыйшлі ложкі. Для зручнасці гаспадыні каля ложка падвешвалі калыску для немаўляці, каб можна было і кудзелю прасці, і дзіця  бясшумна калыхаць.

        Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага. Звярніце, калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне ў вёсках. Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі  на ручніках і посцілках, на адзенні. Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак. Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстрых.

  • экскурсавод

            Традыцыйны побыт беларуса нельга ўявіць без ручніка. Ён быў абавязковым не толькі ў абрадавым, але і ў паўсядзённым жыцці.   Ручнік – адвечны спадарожнік  чалавека. На ручнік прымала бабка-павітуха новага чалавека. Традыцыйны падарунак на радзінах – хлеб, абгорнуты ручніком. На спецыяльна вытканым ручніку стаялі маладыя падчас шлюбу ў храме. На іх выносілі з хаты нябожчыка. Перш чым сесці за стол, чалавек скіроўваў позірк на чырвоны кут, дзе знаходзіўся лік Творцы, пакрыты ручніком, і дзякаваў за жыццё і долю. Збіраючыся ў далёкую дарогу, чалавек браў лусту хлеба, загорнутую ў ручнік. Усё жыццё з ручніком! Нездарма ткаць ручнікі можна было ў пост, калі цела ачышчалася ад бруду, думкі напаўняліся дабром, паводзіны былі стрыманыя і пачцівыя, а душа  асветленая. Такі ручнік надзяляў правам стварыць сям’ю, нарадзіць дзяцей і прымаць удзел у абрадах. Да сарака ручнікоў ткалі жанчыны, рыхтуючы пасаг!

  • экскурсавод

    Ручнікі не толькі ўпрыгожвалі  інтэр’ер  хаты, але і шырока  выкарыстоўваліся  ў беларускіх абрадах. На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі  маладых пасля вянчання  ў царкве. Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Адыходзячы ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася для таго, каб сяброўкі цягнуліся за ёю, выходзілі замуж. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.

         Узорныя посцілкі сталі ткаць значна пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Але мастацкае аздабленне іх досыць высокае. Рознымі колерамі вясёлкі, шматлікімі ўзорамі радуюць нас гэтыя вырабы.

 

 

  • экскурсавод

           Спрадвеку на Беларусі напярэдадні новага году выраблялі саламяных павукоў. Саламянага павука мацавалі да столі над сталом у Чырвоным куце - найбольш святочным месцы ў хаце, хоць гэта больш элемент язычніцтва.  Для вырабу "павука" адбіралі лепшую саломку з апошняга снапа, сабранага з поля. Па вераваннях нашых продкаў, салома захоўвае ў сабе сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома, у павуціне заблытваецца усё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцця. У канцы года старога павука спальвалі і плялі новы, каб у сям’і пастаянна панавалі мір і дабрабыт. Гаспадыня пляла вялікі галоўны элемент павука, а дзеці малыя часткі, якія падвешваліся да галоўнага. Саламянага павука падвешвалі і над калысачкай немаўляці. Вывешвалі яго і над галовамі маладых падчас вяселля.

  • экскурсавод

         Вельмі цікавымі былі беларускія цацкі, з якімі забаўляліся дзеці. Беларускія цацкі вырабляліся з самых простых і даступных матэрыялаў — гліны, дрэва, саломы, тканіны, а таксама выпякаліся з цеста. З гліны вырабляліся цацкі-свістулькі ў выглядзе коней, птушак, лялек. Драўляныя цацкі былі вельмі разнастайныя. Над калыскай падвешвалі фігурку птушкі. Для хлопчыкаў рабілі прылады працы. Вельмі распаўсюджаны былі каталкі. Вялікай папулярнасцю карысталіся цацкі з рухам (зайцы б’юць у барабан, кураняты дзяўбуць зерне і інш.). Старадаўнімі з’яўляюцца саламяныя цацкі. З саломы пераважна рабілі лялек, птушачак, павукоў. З абрэзкаў тканіны маці ршыла для дзяўчынкі лялек.

 

 

  • экскурсавод

      Існуе такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек не стрымаў слова і азірнуўся... Дый як жа не азірнешся, калі родная сядзіба – гэта цэлы свет.

Часцей  азірайцеся, сябры, назад, у мінулае, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню.  Прыгадваецца верш Віктара Шведа:

 Помню дзеда хату,

 Поўну экспанатаў:

З карэнняў калыска,

 Гліняная міска,

 Драўляная лыжка,

Двайная гладышка,

Святыя іконы,

Круглы серп зублёны,

Вялікія кросны,

Кадаўбец дзівосны,

Каменныя жорны,

Дзяжа на хлеб чорны,

Стары калаўротак,

Са сноўніцай мотак,

Гладкая качалка,

Крэсіва - запалкі...

У нябыце хата і   ўсе экспанаты.

Дзякуем за ўвагу!