ЭКСКУРСІЯ “Апрацоўка лёну і ткацтва”

ЭКСКУРСІЯ  “Апрацоўка лёну і ткацтва”

 

1 экскурсавод

Калі зацвітае лён, поле стаіць блакітнае-блакітнае, нібы неба. А як жа з яго атрымліваецца тканіна на кашульку? Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. Вельмі важнай культурай для беларусаў быў лён. На тэрыторыі Беларусі лён быў вядомы, па дадзеных археалогіі, у другім стагоддзі да нашай  эры. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя лён быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.  Вырошчвалі лён у кожнай сялянскай гаспадарцы.

2 экскурсавод

   Для пасева льна выбіралі пэўныя дні тыдня. Лічылася, што лепей за усё сеяць лён у пятніцу або суботу. Рвалі лён у другой палове жніўня. Затым вязалі ў снопікі і ставілі для прасушкі ў “бабкі”. Для абівання льняных галовак  карысталіся пранікам (паказвае). Для змякчэння трасцы лён рассцілалі на лузе або пожні звычайна ў канцы жніўня, у час вялікіх рос. Пры даждлівым надвор’і  саломка вылежвала 3-4 тыдні, пры сухім – 5-6. У некаторых раёнах яе вымочвалі (часам спачатку вымочвалі, а потым рассцілалі). Валокны з мачанца лепш выбельваліся і былі больш моцнымі. Гатовую трасцу звязвалі ў кулі, сушылі ў ёўні, на печы і інш.

3 экскурсавод

Ільняная тканіна ішла на вопратку, з ільна ткалі розныя патрэбныя рэчы. Але, каб лён ператварыўся ў гэтыя рэчы, трэба было шмат папрацаваць з ім. Усе працэсы, звязаныя з апрацоўкай  ільняной сыравіны і падрыхтоўкай яе да ткання, выконваліся ўручную – звычайна гэта была жаночая работа. У кастрычніку льняное валакно трэба было ачысціць ад кастрыцы. Ці не таму і месяц так называецца – кастрычнік.

1 экскурсавод

Далей лён клалі ў церніцу, або мялку -  прыладу для мяцця льняной ці канаплянай трасцы.  Каб канчаткова ачысціць лён ад кастрыцы, яго трэба было трапаць траплом (паказвае), а затым часаць вось на такім грэбнем (паказвае). У выніку атрымлівалі кудзелю (паказвае) ці кужаль у залежнасці ад якасці. У лістападзе пачыналі прасці, пралі на працягу ўсяго тыдня за выключэннем святочных дзён і нядзелі. Беларускія жанчыны і дзяўчаты пралі і верацяном (паказвае) і на калаўроце (паказвае).

У хаце яго шанавалі –

Быў рэччу патрэбнай такой.

Як многа на ім перапралі

Кудзелі і воўны сівой.

Паціху круцілася кола,

І нітка плыла і плыла.

Яго вуркатаннем вясёлым

Напоўнена хата была...

2 экскурсавод

Некалькі жанчын збіраліся ў адной хаце, каб сукаць і прасці. Гэтай работай займаліся ў Піліпаўскі пост (з 28 лістапада па 6 студзеня). Гаварылі так: “Піліпаўскія ночкі надзенуць сарочкі”.  Чым лепшай была прадуха, тым танчэйшай у яе атрымоўвалася пража.

3 экскурсавод

Пасля таго, як кудзеля была спрадзена, яе адбельвалі. У працэсе адбельвання маткі пражы вымочвалі ў шчолаку, паласкалі і развешвалі на сонцы. Часам пражу фарбавалі. Асноўнай сыравінай для фарбавання ў хатніх умовах служылі натуральныя фарбавальнікі: адвары або настоі лісця, кары дрэў, сцяблоў, кветак, каранёў траў. У выніку змешвання розных кампанентаў атрымлівалі патрэбны колер.

1 экскурсавод

 А потым  пачыналі ткаць на кроснах. У сакавіку, калі дзень павялічваўся, у хату прыносілі ставы і ўвесь панарад: ніты, бёрды, набіліцы (паказвае) і інш. У наладцы красён і ткацтве звычайна ўдзельнічалі 2 – 3 жанчыны.

     У нас пакуль няма  кросен, але ёсць дэталі гэтага станка-бёрды, ніты, чаўнок (паказвае). На кроснах ткалі. Вось гэтыя посцілка, абрус, ручнік (паказвае) сатканы на кроснах.  Палатно вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, а затым рассцілалі на роснай траве (прадвеснем на снезе) для бялення пад сонечнымі промнямі.

2 экскурсавод

У залежнасці ад  валакна і майстэрства ткачыхі палатно атрымлівалася рознай якасці. Самае грубае ішло на мяхі, іншыя гаспадарчыя патрэбы, тонкае – на адзенне, ручнікі і г.д. Паглядзіце, якія цудоўныя рэчы можна зрабіць на кроснах. Абрусы, ручнікі, спадніцы, фартухі.

3 экскурсавод

Паглядзіце, якая   спадніца, які   фартух. Уявіце, якой   прыгожай жанчына была ў гэтай вопратцы на сенажаці ў час жніва. У ёй было яшчэ і ўтульна. Таму што яна выраблена з натуральнага валакна — ільну. Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця (не было электрычнасці, тэхнікі для апрацоўкі зямлі, адсутнічалі сродкі сувязі), нашы продкі ўмелі ўпрыгожыць свой побыт, умелі весяліцца і адпачываць.

На развітанне пажадаем:

Будзьце здаровы,

Як рыжыкі баровы.

Майце торбу грошай,

Жывіце ў раскошы.

Прыемнага лета!

Здароўя пры гэтым.

І восені яснай,

І долечкі шчаснай.

Дружна жывіце,

Край свой любіце!

СЛОЎНІК

Грэбень  - прылада для часання валакна.

Пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім абівалі лён.

Сукала – прылада для накручвання пражы на цэўку.

 
   

Трапло – тонкая дошчачка лапатападобнай формы для ачышчэння валакна ад кастрыцы.

Цэўка – драўляная палачка з утаўшчэннямі на канцах.    

 
   
   

Чаўнок  - прылада для прапускання нітак, якія накручвалі на цэўку.

         Самапрадка - прылада для механізаванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. Прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы для гэтага служыла драўляная крыху завостраная палачка даўжынёй 20—30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Яго выструтвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных прыстасаваннях дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні.

          Прасніца (з кудзеляй) - драўляная прылада для прадзення воўны, льняной і пяньковай кудзелі.

           Верацяно - прылада для ручнога прадзення льну, воўны, пянькі. У старажытныя часы для гэтага служыла драўляная, крыху завостраная палачка даўжынёй 20-30 см з завостраным верхам, патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца, і вострай пяткай. Яго выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы.

        Качалкі – прыстасаванні для разглажвання тканых вырабаў (бялізны, адзення). Накручаны на качалку выраб раскочвалі валком. Валок - прамы ці выгнуты драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі знізу і з ручкай.