СЛОЎНІК этнографа

СЛОЎНІК  этнографа

Бёрда – ткацкая прылада, якая служыць для перавівання утку ў кроснах (уток – папярочныя ніці тканіны). З 20 стагоддзя бёрду пачалі рабіць з металічнымі пласцінамі. Для ткання бёрда ўстаўлялася ў набіліцы (2 злучаныя драўляныя пласціны з паглыбленнямі па даўжыні, у якія ўстаўляюць бёрды).

Бразготкі – полыя металічныя шарыкі з кавалачкамі металу ўсярэдзіне, якія звінелі у час язды на кані. Звонкія званочкі пад дугой дазвалялася ўжываць толькі паштовым кур'ерам. Звон быў сігналам для паштовай станцыі аб набліжэнні кур'ера, якому трэба хутка змяніць коней. Звычайным людзям таксама хацелася звонка пракаціцца па вуліцах і дарогах. Таму яны выкарыстоўвалі бразготкі замест званочкаў. І ў дарозе весялей, і ў лесе нечысць і ваўкоў адагнаць можна!

 Бязмен – даўняя ручная рычажная вага. Металічны або драўляны стрыжань з пастаянным грузам (гірай) на адным канцы і кручком ці чашкай для ўтрымання грузу на другім. На стрыжні шкала адліку і рухомая апора — абойма ці драцяная пятля. Карысталіся бязменам пераважна ў народным побыце. 

Гарлач – ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі і звужанай шыйкай, але шырэйшым за дно вусцем (без ручкі і дзюбкі). У гісторыі развіцця ганчарных вырабаў быў прататыпам збана.

Грэбень – прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя) і металічныя грабяні. На Беларусі бытавалі 2 тыпы драўляных грэбняў: лапатападобныя і прамавугольныя. Другі тып – прамавугольная дошка (прамавугольная дошка даўжынёй 1 м, шырынёй 30-40 см, у цэнтры якой прыбівалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб'ем). У самаробных грабнях набівалі звычайныя цвікі.

Дзежка – бандарны выраб, у дзежках салілі сала і мяса, грыбы, рашчынялі хлеб і бліны, захоўвалі мёд. Для мёду клёпку падганялі асабліва  цесна, бо працячэ. А ў кублы нават адзежу складвалі. У Вялікі пост, калі не елі малака, яго кіслілі, тапілі, рабілі тварог, адціскалі і складвалі ў дзежкі. Накладуць поўную, зверху маслам замажуць, закрыюць вечкам і стаіць у халодным месцы да самай “спасаўкі”.

Збан – ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай. Спарыш – ганчарны выраб. Гліняная пасудзіна з 2-х ці 3-х гаршкоў (зрэдку і сальніцы) аднолькавага ці рознага памеру, змацаваных ручкай (да гаршкоў рабіліся накрыўкі). У спарышах насілі ежу на поле ў сенакос ці жніво.

Калаўрот - прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. Складаецца з наступных рабочых частак: кола,   прыводная педаль (шатун, ківач); уласна прадзільны апарат, які складаецца, у сваю чаргу, са стрыжня з насаджанай шпулькай і малых колцаў, злучаных шнурамі з

Качалкі – прыстасаванні для разгладжвання тканых вырабаў (бялізны, адзення). Накручаны на качалку (даўжыня 40-60 см, дыяметр 4-6 см) выраб раскочвалі валком. Валок – прамы ці выгнуты драўляны брус (даўжыня 65-80 см, шырыня 8-10 см) з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі знізу і з ручкай. Ручкі былі двух тыпаў: адны з іх з'яўляліся працягам бруса, другія (накладныя) прымацоўваліся зверху да аднаго з канцоў валка.

Качарга – гэта жалезны прут, сагнуты і, бывае, крыху расплюшчаны, як лапатка на канцы. Качаргою выграбаюць попел з печы, перамешваюць, рассоўваюць у бакі вуголле, каб паставіць на гарачы под чыгунок ці гаршок са страваю.

Клёпка для бочкі рыхтуецца загадзя і толькі з лісцевых парод дрэў, акрамя бярозы, бо бярозавая клёпка прапускае ваду, як ты яе ні падганяй. Самы лепшы матэрыял для бочак і цэбраў – дуб і асіна, у бочках з алешыны хутка адгніваюць аторы (ніз). Для дзежкі бралі любы матэрыял, маслабойкі лепш рабіць з асіны, можна і з алешыны.

Клешчы – кавальскі інструмент для захоплівання і заціскання жалезных вырабаў пры іх апрацоўцы; тое ж, што і абцугі. Бываюць клінковыя і рычажныя.

Лапці – традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага) пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луццё – тонкія ліпавыя жэрдкі з карой.

Лыжка – круглы ці авальны чарпачок з ручкаю. Выразалі лыжкі з асіны, бярозы, клёну, грушы. Чым цвярдзейшае было дрэва, тым даўжэй служыла лыжка.

Маслабойка – пасудзіна для збівання масла. Вызначалася разнастайнасцю формаў і канструкцый. Найчасцей – вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, а да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі ці крыжавіну.

Матавіла – прыстасаванне для змотвання нітак у маткі.

Настольнік –  тканы, вязаны або плецены выраб, прызначаны для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыцыйнай сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (уваходзіў у пасаг нявесты, ім накрывалі стол на Каляды, Вялікдзень і іншыя святы). Апрача утылітарнай і абрадавай, выконваў важную ролю ў дэкаратыўным афармленні інтэр'ера вясковай хаты.

Посцілка – узорыстатканы выраб утылітарнага, дэкаратыўнага, а ў мінулым і абрадавага прызначэння; від мастацкіх тканін. Тэхнікай выканання, памерам, кампазіцыйна-арнаментальным вырашэннем блізкая да дывана. Посцілкай засцілаюць ложак, ёю накрываюцца, яе вешалі на сцяну для ўпрыгожвання інтэр'ера сялянскай хаты.

Пояс – пас, скураная або плеценая, тканая, вітая з нітак доўгая вузкая стужка для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя. На Беларусі бытавалі пераважна паясы тканыя, плеценыя і вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком (даўжынёй 150-300 см, шырынёй 1,5-30 см).

Пранік – пляскаты драўляны брусок з ручкай, якім абівалі лён. Спачатку абівалі ільняныя галоўкі, з якіх потым рабілі ільняное масла.

Прас вугальны – такі прас награваўся бярозавым вуголлем, верх яго адчыняўся, як карабок, і вугалькі засыпалі ўнутр. У бакавых сценках былі адтуліны для паляпшэння цягі. Такі прас называўся “духавы”, бо яго патрэбна было ўвесь час раздуваць. Але прыбор меў істотны недахоп – моцна капціў, выдзяляў угарны газ і гарэлы пах. Цікава, што апошні вугальны прас выпусціў у 1974-м Лідсельмаш. 

Прасніца – драўляная прылада для мацавання кудзелі ў час прадзення воўны, льна, лянькі. Вядомы чатыры асноўныя тыпы: лапатападобная, прасніца-грэбень, прасніца-вілы, прасніца-кій. На Беларусі найбольш пашыраны лапатападобная і прасніца-грэбень.

Прасніца – драўляная прылада для прадзення. Складаецца с дзвюх частак: лопасці, падобнай на лапату або на вясло, і днішча, у якое пад прамым вуглом устаўляецца ножка лопасці. Да лопасці падвешваецца барада – воўна, кудзеля, пянька.

Пячны інвентар – паўкруглы жалезны рычаг (ухват), насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У інтэр'еры традыцыйнай сялянскай хаты вілкі займаюць месца каля качарэжніку, разам з качаргой, чапялой і іншым пячным інвентаром.

Рубанак – ручны дрэваапрацоўчы інструмент для стругання плоскіх альбо фігурных паверхняў.

Рубель — драўляная дошка з высечанымі папярочнымі жалабкамі для катання бялізны, накаткі скур. Прадмет хатняга ўжытку выкарыстоўваўся для выбівання (мыцця) і прасавання бялізны. Аджатую ўручную бялізну намотвалі на валік або качалку і раскочвалі рубелем.

Ручнік – кавалак тканіны абрадавага, дэкаратыўнага і ўтылітарнага прызначэння. Шырыня яго вар'іравалася ад 25 да 45 см залежна ад шырыні ткацкага стана, даўжыня – ад 1 да 4 м (звычайна 2-3 м). Апрача утылітарнага прызначэння да пачатку 20 ст. ручнікі ўжываліся для штодзённага і святочнага дэкаратыўнага ўбрання жылля і абразоў (ручнікі-набожнікі); былі адным з неабходных абрадавых атрыбутаў у вясельным і пахавальна-памінальным абрадах. Уваходзілі ў пасаг нявесты, з'яўляліся неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родзічам жаніха.

Самапрадка – прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. На Беларусі вядомы 2 тыпы калаўротаў – стаяк (больш характэрны для заходніх раёнаў) і ляжак (пераважаў ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх раёнах). Абодва тыпы мелі аднолькавыя рабочыя часткі: кола, педаль (шатун, ківач), якой кола прыводзілася ў рух, і прадзільны апарат. Апошні складаўся са стрыжня і размешчанай на ім шпулькі для намотвання пражы і маленькіх калёсікаў, злучаных пры дапамозе шнуроў з вялікім колам. У калаўроце-стаяку кола знаходзілася паміж дзвюма вертыкальнымі стойкамі пад прадзільным апаратам, у калаўроце-лежаку – збоку ад прадзільнага апарата.

Сарочка – асноўная частка мужчынскага і жаночага беларускага адзення. Яе насілі ў любым узросце, у будні і святы, пры любым сямейным становішчы. Важны паказчык этнічнай спецыфікі матэрыяльнай культуры беларусаў. Шылі з ільнянога даматканага палатна. Святочныя, асабліва жаночыя, кашулі аздаблялі (рукавы, каўнер, манішка) натыканнем, вышыўкай, часцей чырвонага і чорнага колеру. Арнамент пераважна геаметрычны. 

Серп – прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19 ст. сярпы рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). У авальных даўжыня ад пачатку ручкі да канца рэжучай часткі (клінок) па прамой лініі 40-43 см, шырыня ляза 2,5-3 см, разрэз насечкі зубоў прыкладна 2 мм, даўжыня драўлянай ручкі 13 см. Паўкруглы серп карацейшы: даўжыня ляза па прамой лініі 30-32 см. У наш час збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнамі. Сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп.

Ступа – драўлянае прыстасаванне, у ёй таўклі проса, каноплі і інш.

Таўкач – тоўстая доўгая палка з паўкруглымі канцамі, якой таўкуць што-небудзь. Даўжыня 90-110 см. Для зручнасці трымання пасярэдзіне рабілі выемку ці выдзёўбвалі адтуліну. Таўкачом называюць таксама прыладу ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом.

Фартух – паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу; састаўная частка народнага касцюма беларускіх жанчын. Называлі таксама запаска, затулка. Шылі з 1-2 полак ільнянога палатна, мацавалі на таліі завязкамі ці матузком. Памеры розныя, пераважна 30-35 см шырынёй, 50-80 даўжынёй і заўсёды на 10-15 см карацей за спадніцу. Святочныя фартухі багата аздабляліся натыканнем, вышыўкай, карункамі, фальбонамі, часам запрасоўвалі ў складкі.

Чаўнок – ткацкая прылада для пракідання ўтку ў працэсе ткання (па знешняму выгляду нагадвае мініяцюрны човен). Вядомы дзве разнавіднасці чаўнака - з донцам і полы. У першым выпадку цэўку кладуць на дно, а ўточную нітку прапускаюць праз адтуліну збоку ці ў канцы чаўнака (у працэсе ткання прытрымліваюць цэўку вялікім пальцам. У полым чаўнаку цэўку мацуюць на тонкім металічным стрыжні, таму яго не трэба было прытрымліваць. Акрамя лодкападобных вядомы быў і вілкападобны чаўнок ігліца (дошчачка з дзвюма выемкамі на канцах), які служыў для вырабу падвойных дываноў.         Чыгун – посуд для прыгатавання ежы ў печы, гаршчок.